Войдите чтобы создать запись...

Лукашэнка становіцца ўсё больш незгаворлівым

02.12.2008 Автор: gandljar
| навіны

Аналітык Андрэй Ляховіч каментуе зрыў паседжання дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое меркавалася правесці 1 снежня.

− Лукашэнка хоча, каб Расія спраўна плаціла за выкананне Беларуссю ролі “шчыта” і “фарпоста” перад Захадам і НАТА, а таксама за падтрымку яе на міжнароднай арэне. Але гэтага, па меркаванню беларускага боку дастаткова. На думку нашых уладаў, Расія не павінна патрабаваць большага. Беларусь хоча самастойна вызначаць характар стасункаў з Захадам. Расія павінна пагадзіцца з тым, што Беларусь самастойна вызначае інвестыцыйную палітыку, а таксама з тым, што беларускае грамадства не вельмі імкнецца інтэгравацца з Расіяй “па-сапраўднаму”, − лічыць Андрэй Ляховіч.

Зараз да традыцыйных супярэчнасцяў паміж Беларуссю і Расіяй (пытанне набыцця расейцамі кантрольных пакетаў акцый буйных беларускіх прадпрыемстваў, аб’яднанне грашовых сістэм, падпісанне крамлёўскага варыянту Канстытуцыйнага акта) дадаліся яшчэ два. Масква патрабуе прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі і перадаць Расіі кантроль над беларускай сістэмай СПА.

На думку эксперта, калі Лукашэнка пойдзе на саступкі Расіі у дзвюх апошніх пытаннях, Захад атрымае падставы лічыць нашу краіну марыянеткай Расіі, што супярэчыць інтарэсам кіраўніка Беларусі, які зараз спрабуе палепшыць стасункі з Заходняй Еўропай.

На фоне гэтых супярэчнасцяў усё больш актуальным становіцца “газавае пытанне”.

У жніўні 2008 года Лукашэнка зноўку нагадаў, што саюзныя адносіны − гэта ў тым ліку роўныя кошт на энерганосьбіты для суб’ектаў гаспадарання. Калі напачатку году беларускія афіцыйныя асобы заяўлялі пра тое, што газавае пагадненне будзе падпісана да восені, то, пасля патрабаванняў Расіі прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію, вырашэнне гэтага пытання адкладзена на канец году.

Беларусь пры гэтым настойвае на кошце 140 даляраў за тыс. куб.і ў выпадку упартасці Расіі, на думку палітолага, гатовая на пэўныя захады.

− Беларускі бок можа пачаць адбор газу з экспартнага трубаправода, чым падарве рэпутацыю Газпрама як надзейнага пастаўшчыка сыравіны ў еўрапейскія краіны, Лукашэнка можа спыніць супрацоўніцтва з расейскай СПА і паставіць пытанне аб мэтазгоднасці прысутнасці расійскіх ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. Улады таксама могуць разгарнуць шырокую антырасійскую інфармацыйную кампанію ў грамадстве, а таксама ўскладніць сувязі Расіі з Калінінградам праз Беларусь, − мяркуе Андрэй Ляховіч.

На думку аналітыка, Расія не мае адэкватнага адказу на падобныя крокі беларускага кіраўніцтва.

Палітолаг лічыць, што за гады кіравання Лукашэнка адбылася кансалідацыя правячай эліты і грамадства адносна ідэі незалежнасці Беларусі. Магчыма, гэта асноўная прычына, па якой Крэмль не наважыцца ў бліжэйшай перспектыве выкарыстоўваць такі моцны рычаг ціску  на Беларусь, як абмежаванне паставак энерганосьбітаў.
01. 12. 2008
http://milinkevich.org

0 Комментариев