Свабоду лідэрам прадпрымальніцкага руху палітвязням Мікалаю Аўтуховічу і Ўладзіміру Асіпенка!
Каардынацыйная Рада індывідуальных прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь
ЗАЯВА
Роўна год за кратамі знаходзяцца лідэры прадпрымальніцкага руху палітвязні Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімір Асіпенка. 8 лютага 2009 года яны і прадпрымальнік Юры Лявонаў (8 жніўня вызвалены) былі затрыманы ў Ваўкавыску ў ходзе спецаперацыі з удзелам элітнага падрадзялення міліцыі “Алмаз”.
Усім былі прад'яўлены абвінавачванні ў наўмысных падпалах і выбуху маёмасці дзяржаўных службоўцаў, якія да прадпрымальнікаў прэтэнзій не прад’явілі, бо вінаватыя ў гэтых злачынствах ужо даўно асуджаныя.
23 чэрвеня 2009 года Мікалаю Аўтуховічу прад'яўлена абвінавачванне па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13 КК) замаха на жыццё вышэйшых службовых асоб Гарадзенская вобласці.
Беларуская і міжнародная грамадскасць разглядае Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенка палітычнымі вязнямі. У студзені 2010 года аб гэтым заявіла ўплывовая праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch».
За кратамі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч правёў галадоўку пратэсту тэрмінам у 91 дзень – самую працяглую ў гісторыі незалежнай Беларусі.
Палітычны пераслед Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенкі з’яўляецца помстай рэжыма за іх барацьбу з карупцыяй, за абарону правоў уласнасці прадпрымальнікаў.
Мікалай Аўтуховіч пераследуецца ўладамі і як ініцыятар стварэння грамадскай арганізацыі ветэранаў баявых дзеянняў “Абаронца Айчыны”. Ён з’яўляецца прадаўжальнікам справы гвалтоўна выкрадзенага амаль адзінаццаць год таму былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. У знак пратэсту супраць сацыяльнай палітыкі ўлад да воінаў-інтэрнацыяналістаў Мікалай заклікаў паплечнікаў адмовіцца ад юбілейнай узнагароды з нагоды дваццацігоддзя са дня вывада савецкіх войскаў з Аўганістана. За тыдзень да 15 лютага Аўтуховіч быў арэставаны.
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітычных вязняў Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенкі.
Нагадваем службовым асобам аб непазбежнай адказнасці за выкарыстанне права ў палітычных мэтах.


