Выбарчая Платформа Прадпрымальніцкага Блока
Праект
Выбарчая Платформа Прадпрымальніцкага Блока
Для канструктыўнага дыялога прадпрымальнікаў з уладамі мы вымушаны сфармаваць свае патрабаванні дзеля ўратавання беларускага бізнэса ў краіне.
Прадпрымальнікі ва ўсім свеце спрыяюць аздараўленню нацыянальнай эканомікі і сацыяльнага клімата. Але сваё стаўленне да беларускага прадпрымальніка ўлада агучыла яшчэ ў сярэдзіне 90-х. Тады прадпрымальнікаў не выпадкова абазвалі «вшывымі блохамі». Таму ўсе праблемы прадпрымальніцтва вырашаліся шмат гадоў толькі з пазіцыі інтарэсаў чыноўніцтва. І сёння чыноўнікі крытычна падыходзяць да рэфармавання эканомікі, спрабуюць выкарыстаць прыватную ўласнасць і ініцыятыву толькі дзеля ўтрымання ўлады пад час крызісу.
Для таго каб вырашыць прадпрымальніцкія праблемы, мала адных намаганняў асобных бізнэс-асацыяцый. Хаця мы падтрымліваем любыя канструктыўныя прапановы прадпрымальніцкіх структур, у тым ліку, «НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ПЛАТФОРМУ БІЗНЭСА БЕЛАРУСІ-2009».
Мала спадзеваў на добрую волю саміх чыноўнікаў. Прадпрымальнікі самі павінны заявіць пра свае праблемы, выдзеліць самыя галоўныя з тых, якія патрабуюць неабходнага вырашэння.
Палітычная кампанія «Выбары дэпутатаў у мясцовыя саветы 2010 года» можа дапамагчы прадпрымальнікам вырашыць шэраг праблемаў, калі яны здольны будуць вылучыць моцны прадпрымальніцкі блок на выбарах у мясцовыя саветы.
Актывісты прадпрымальніцкага руху маюць досвед удзелу ў спецыфічным працэсе «выбараў».
У кампаніі выбараў у Палату ў 2008 года ад Прадпрымальніцкага Блоку вылучалася 25 кандыдатаў, якія агучвалі патрабаванні да ўладаў ад прадпрымальнікаў. Гэту працу трэба замацаваць і пашырыць зараз.
Мэты фармавання Прадпрымальніцкага Блока для ўдзелу ў мясцовых выбарах у красавіку 2010 года.
1. Адстойванне правоў прадпрымальнікаў, падтрымка інтарэсаў малога і сярэдняга бізнеса ў Беларусі, вырашэнне праблемаў прадпрымальніцтва, кансалідацыя прадпрымальніцкага актыва.
2. Падрыхтоўка кандыдатаў ад прадпрымальнікаў да будучых выбараў у мясцовыя саветы і Парламент.
3. Патрабаванне амністыі прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца за кратамі па так званых эканамічных злачынствах.
4. Патрабаванне вызвалення палітвязняў.
5. Падтрымка беларускіх нацыянальных ідэй і каштоўнасцяў праз прадпрымальніцкія асяродкі.
6. Папулярызацыя “Усходняга партнёрства” у прадпрымальніцкім асяродку дзеля вяртання Беларусі ў Еўропу.
7. Супраца з палітычнымі партыямі і арганізацыямі, якія падтрымліваюць незалежнасць Беларусі і еўрапейскія каштоўнасці.
Нашы першачарговыя задачы:
1. Паляпшэнне Закона «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» з улікам пазіцый і меркаванняў усіх прадпрымальніцкіх структур.
2. Ініцыяванне ацэнкі нарматворчасці, якая датычыцца прадпрымальніцкай дзейнасці, на адпаведнасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і агульнапрынятым прынцыпам міжнароднага права (абавязковае пенсіоннае страхаванне прадпрымальнікаў, ліцэнзіраванне рознічнага гандлю, абмежаванне ў парадку найма работнікаў і іншае).
3. Патрабаванне прыняцця рэформы пенсійнай сістэмы з абавязковай празрыстасцю пенсійнага фонда.
4. Спыненне пабораў ад усіх камерцыйных структур пад відам неабгрунтаваных штрафных санкцый і патрабаванне адмены даходнага артыкула бюджэта, якая фарміруецца за кошт іх як неканстытуцыйнай.
5. Прыняцце мераў па тэрміноваму паляпшэнню дзелавога клімату ў краіне з улікам прапаноў прадпрымальніцкіх структур.
6. Спыненне крымінальнага пераследу лідэраў прадпрымальніцкага руху Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі. Забеспячэнне рэалізацыі правоў грамадзян на справядлівы і незалежны суд – рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій, пакараных за ўдзел у вулічных акцыях прадпрымальнікаў (Сяргей Парсюкевіч, Арцём Дубскі, Андрэй Кім, Аляксандр Чарнышоў і іншыя), а таксама злачынстваў супраць правасуддзя і злоўжывання ўладай.
7. Правядзенне эканамічнай амністыі. Спыненне незаконнага крымінальнага пераследу прадпрымальнікаў па гаспадарчых справах, тэрміновае іх вызваленне і рэабілітацыя (Андрэй Бандарэнка, Яўгенія Бачурная, Святлана Дваранінава і іншыя).
8. Прыняцце праграмы дзеянняў па далучэнню Беларусі да Еўрапейскай канвенцыі па абароне правоў чалавека і асноўных свабод; уваходжанне ў Савет Еўропы для забеспячэння доступа беларусаў да юрысдыкцыі Еўрапейскага Суда па правах чалавека.
9. Адмена артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прынятых дэпутатамі ПП НС Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання па ініцыятыве выканаўчай улады напярэдадні прэзідэнтскіх выбараў 2006 года і устанавіўшых крымінальную адказнасць за рэалізацыю грамадзянамі права на свабоду аб'яднанняў, свабоду думак, перакананняў і іх свабоднае выражэнне (артыкулы 193, 193-1, 361, 369-1, 382 КК Рэспублікі Беларусь).
10. Правядзенне адкрытых празрыстых працэдур народнай прыватызацыі маёмасці ў інтарэсах беларускіх грамадзян.
11. Унясенне зменаў Указа N 760 наконт выключэння палажэння аб забароне найма ІП работнікаў, якія не з'яўляюцца іх родзічамі.
12. Увядзенне мараторыя па праверцы дакументаў індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб да 5 гадоў для новаствораных, да 3 гадоў для ўсіх астатніх.
13. Змяншэння арэнднай платы для ўсіх суб'ектаў гаспадарання.
14. Абавязковы ўдзел прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх структур на паседжанні сесій Мінскага гарадскога і абласных саветаў дэпутатаў пры зацверджанні ставак адзінага падатка і падатка на дабаўленую вартасць.
15. Спрашчэнне працэдуры сэртыфікацыі і гігіены на малыя партыі тавару.
У краіне больш 200000 індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі не атрымаецца спыніць улады, якія вынішчаюць прадпрымальнікаў як клас, пацерпяць усе беларусы! Заклікаем выбаршчыкаў падтрымаць на выбарах Прадпрымальніцкі Блок: прадпрымальніцкія інтарэсы, дэмакратычныя каштоўнасці і інтэграцыю Беларусі ў Еўрапейскую Супольнасць.
Нашы лозунгі: Свабоду ІП!
Свабоду малому бізнэсу!
Беларусь у Еўропу!


